Ноччу 12 (24) чэрвеня 1812 года французская армія на чале з Напалеонам перайшла цераз Нёман, уварваўшыся ў межы Расійскай імперыі. Гэта не было нечаканасцю: становішча на граніцы было такім, што ўжо ў канцы 1811 года расійская ўлада з хвіліны на хвіліну чакала вайны з Напалеонам. Тэрыторыя Беларусі і Літвы магла стаць галоўным тэатрам будучай вайны, таму ўрад Расіі сканцэнтраваў на заходзе значныя ваенныя сілы. У 1811 годзе ў заходніх губерніях было размешчана да 100 тысяч войска, а да мая 1812 года колькасць іх павялічылася да 153 тысяч чалавек у складзе двух армій. У гэты час у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра П-й Заходняй арміі пад камандаваннем П.І.Баграціёна. Баграціён, як узгадвалася раней, ужо быў у Ваўкавыску.
У жніўні 1811 года генерал ад інфанпурыі П.І.Баграціён прыняў камандаванне Падольскай арміяй, якая потым была рэфарміравана ў П-ю Заходнюю армію. Штаб яе знаходзіўся у Жытоміры, а затым перамясціўся ў Луцк. У пачатку мая 1812 года паступіў загад перадыслацыраваць П-ю Заходнюю армію ў Гродзенскую губерню. Знаходзячыся на маршы, Баграціён з Пружан паслаў расійскаму імператару Аляксандру 1 данясенне, у якім выказваў
Партрэт П.І.
Баграціёна
думкі аб папераджальным удары па сканцэнтраванай на нашай мяжы французскай арміі. Аднак яго прапанова засталася без увагі. Трэба сказаць, што Прапановы Баграціёна былі даволі рэальнымі ў перыяд падрыхтоўкі Напалеонам вайны супраць Расіі. Аднак ужо ў пачатку чэрвеня 1812 года, калі напалеонаўская армія падрыхтавалася для нанясення ўдару, а руская армія не была гатова да вядзення папераджальных дзеянняў, гэтыя прапановы ўжо не адпавядалі склаўшымся абставінам і былі памылковымі. Але не Баграціёна трэба вініць у памылцы, а царскі ўрад, які не інфармаваў аб становішчы галоўнакамандуючага П-й Заходняй арміяй, прыкрываючай важнейшы стратэгічны напрамак. Баграціёну даводзілася абапірацца толькі на дадзеныя штаба арміі, якія, натуральна, не маглі адлюстроўваць сапраўднага становішча, што склалася на ўсім тэатры ваенных дзеянняў. Неабходна адзначыць, што Пётр Іванавіч здолеў своечасова адмовіцца ад гэтых поглядаў і не быў, як да гэтага часу сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, упартым прыхільнікам ў перыяд Айчыннай вайны 1812 года толькі наступальнай тактыкі.
10 (22) чэрвеня 1812 года генерал Баграціён прыбыў са сваім штабам у Ваўкавыск, размясціўшы армію ў баявых парадках ад Нёмана да Буга. П-я Заходняя армія была размеркавана наступным чынам: 7-ы корпус Раеўскага ля Новага Двара Ваўкавыскага павета, 8-ы корпус Барадзіна ў Ваўкавыску, 4-ы рэзерўны кавалерыйскі корпус Сіверса ля Зэльвы, лятучы атрад Жавоніскага ў Беластоку, 27-я пяхотная дывізія Невяроўскага і 9 данскіх казацкіх палкоў. Усяго 58 батальёнаў, 52 эскадроны, 9 палкоў, 48000 чалавек і 216 гармат. П-ая армія нядоўга заставалася ў межах Гродзенскай губерніі. 18 (30) чэрвеня армія Баграціёна пакінула Ваўкавыскі павет і здзейсніла марш-манеўр праз Зэльву, Слонім, Ліду і далей да Мінска і Смаленска на ўз’яднанне з 1 Заходняй арміяй.
Пры адступленні казакі платава уступалі ў баі з атрадамі Журома банапарта Ля Варон, Закраўшчызны, Гудзевіч Ваўкавыскага павета.
Паведамленне аб уступленні французаў у Расію выклікала мітусню сярод рускага насельніцтва ў Ваўкавыскім павеце. Жыхары паспешна збіраліся, укладваліся, ратавалі сем’і і маёмасць. Частка арыстакратаў, мясцовай шляхты звязвала свае надзеі з аднаўленнем Вялікага княства Літоўскага ў саюзе з Расіяй на чале з Аляксандрам 1. Іншыя арыентаваліся на Напалеона і Варшаўскае Герцагства. Настрой жа большай часткі насельніцтва быў элементарны па сутнасці: людзі хацелі толькі, каб іх не чапалі, не надта абіралі, а хто пануе ў краіне – гэта для масы шляхты было абыякава. Яна выказала лаяльнасць да Аляксандра 1, а праз два месяцы – ў той жа ступені ў адносінах да Напалеона. Але ужо на трэці дзень знаходжання “вялікай арміі” на тэрыторыі Беларусі і Літвы, жыхары акупіраваных губерняў убачылі грабяжы, марадзёрства, гвалты і разбой, якія суправаджалі перамяшчэнне напалеонаўскіх салдат і афіцэраў.
16 (28) чэрвеня г.Гродна быў заняты кавалерыяй Панятоўскага. У той жа дзень Напалеона ўрачыста сустракалі жыхары Вільні. Французскі імператар прабыў ў сталіцы больш за два тыдні. За гэты час ён паспеў “паклапаціцца” аб заснаванні новага ўрада на Беларусі і Літве. Па прыкладу Варшаўскага герцагства Напалеон склікаў ў Літве сейм, перадаўшы кіраванне краем “часоваму ўраду Вялікага Княства Літоўскага”, які складаўся з 6 чалавек на чале з генерал-губернатарам Гогендорнам. Пад ўладу гэтага ўрада былі пастаўлены Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская губерніі і Беластокская вобласць. Кіраванне грунтавалася на мешаніне форм французскай адміністрацыі з мясцовым парадкам. Падпарадкаваныя часоваму ўраду губерніі былі пераіменаваны ў дэпартаменты, а губернскія камісіі – заменены адміністрацыяй дэпартаментаў. На чале дэпартаментаў стаялі французскія губернатары і інтынданты. Паветы перайменавалі ў падпрэфектуры. Камісіі падпрэфектур павінны былі ахоўваць краіну, ствараць па гарадах запасы харчавання для арміі.
Як жа паводзілі сябе акупацыйныя ўлады ў Ваўкавыскім павеце? Напалеонаўская улада вельмі хутка зразумела, што народ не скарыўся, што панаванне над ім яшчэ патрэбна заваёўваць. Без гэтага не было магчымасці выканаць загады аб умацаванні камунікацый, аб забеспячэнні дзеючай арміі харчаваннем. У сувязі з гэтым Напалеон аддаў загад часоваму ўраду заснаваць з мясцовай шляхты жандармерыю і так званую “народную гвардыю”, а таксама правескі рэкруцкі набор шляхты для стварэння мясцовых польска-шляхецкіх войск. Для выканання гэтага камісія часовага ўрада выдала пастанову аб правядзенні набора 10000 рэкрутаў. Але ўсе спробы стварыць шляхецкія ваенныя сілы пацярпелі правал. Дробная, даведзеная да галечы, шляхта не пажадала прынесці ў ахвяру сваё жыццё дзеля інтарэсаў шляхецкай арыстакратыі. Напалеонаўскай адміністрацыі не ўдалося стварыць моцную тылавую базу, якая садзейнічала б ваенным аперацыям «вялікай арміі» ў глыбіні тэрыторыі.
У Ваўкавыскім павеце напалеонаўскія інтынданты паставілі мясцовай ўладзе патрабаванні на харчаванне і фураж. Таму жыхары павета абкладваліся ўсё новымі і новымі паборамі амаль кожны месяц, пачынаючы з чэрвеня. Сяляне павінны былі пастаўляць жытнюю муку, ячменную крупу, авёс, сена, салому, гарэлку, соль, буйную рагатую жывёлу, тытунь. Тым, хто не выконваў паставак у час, ставілі ў хату па 4 салдаты “для экзэкуцыі” і загадвалі плаціць кожнаму па 12 злотых у дзень. 8 жніўня часовы ўрад загадаў падрыхтаваць у Ваўкавыску магазін на 10000 порцый. Для папаўнення магазіна загадана было сабраць з кожнага двара па 40 гарнцаў жыта, столькі ж аўса, 2 гарнцы гароху, 80 фунтаў сена і столькі ж саломы. Гэты падатак назвалі “ахвяраваннем”. На забеспячэнне магазіна загадана было, акрамя “ахвяравання”, сабраць з Ваўкавыскага павета 5.000 пудоў сена і столька і саломы, 4000 гарнцаў гарэлкі і 60 валоў. Зборы правіянту ў насельніцтва суправаджаліся пагрозамі французскіх інтэндантаў ужыць сілу. Шматлікія паборы вялі да згалення сялян. Нягледзечы на самыя жорсткія карныя меры, на крывавыя расправы ўзброеных экспедыцый, насельніцтва хавала ў лясах хлеб, жывёлу, транспартныя сродкі і іншую маёмасць, не пакідаючы нічога, чым мог бы пажывіцца вораг. Барацьба за харчаванне ператварылася ў сапраўдную барацьбу сялянства супраць акупантаў. Акрамя паставак харчавання і фуражу, насельніцтва Ваўкавыскага павета абавязана было выконваць гужавую павіннасць. Для патрэб праходзячых праз Ваўкавыск французскіх салдат у горадзе кожны дзень павінны былі знаходзіцца каля 100 падвод. У большасці выпадкаў гэтыя падводы не вярталіся. Вельмі часта французы замянялі гужавую павіннасць гвалтоўнай канфіскацыяй у насельніцтва коней. Улады патрабавалі таксама паставак працоўнай сілы для выканання розных ваенных работ. Яшчэ страшнейшымі за афіцыйныя паборы былі рабаванні, якія ўчынялі марадзёрскія каманды французскіх войск, праходзячых праз Ваўкавыск. Жорсткія спусташэнні, рабаванні і разбой ўчынялі салдаты і афіцэры саксонскага корпуса генерала Рэнье, які знаходзіўся ў Ваўкавыскім павеце.
Так, 28 жніўня Ваўкавыскі падпрэфект даносіў Гродзенскай адміністрацыйнай камісіі, што салдаты корпуса генерала Рэнье па вёсках пад пагрозай зброі забіраюць усё, што пападзецца. Салдаты гэтага корпуса напалі на Кабедзічы Ваўкавыскага павета, разграбіўшы сяло і ўзяўшы з сабою 9 коней і 7 быкоў, адбылі ў іншыя маёнткі. У жуткім часе на тэрыторыі павета адбываюцца выступленні сялян. Супраць празмерных падаткаў выступалі жыхары вёсак Цімахі, Андрэевічы, Гнезна.
ЭГБ (1994г)
картаст 234
аўт.В.В.Антонаў
2-4 (14-16) лістапада пад Ваўкавыскам адбыўся бой паміж русамі (вайсковая групоўка Ф.В.Остэн-Сакена; 27-30 тыс.чал.) і напалеонаўскімі (узмоцнены 7-ы корпус Ж.Л.Э. Рэнье; 23-25 тысяч чалавек) войскамі. Гэты бой меў выключна важнае значэнне для Бярэзінскай аперацыі. Войскі з абодвух бакоў былі пакінуты на Падляшшы для аховы тылу галоўных сіл сваіх груповак – рускай арміі П.В.Чычагава і аўстрыйскага (12-га) корпуса К.Ф.Шварцэнберга. Адначасова з пачаткам руху арміі Чычагова ад Брэста на Слонім Шварцэнберг 29-30 кастрычніка пераправіў 7-ы і 12-ы корпусы цераз Заходні Буг каля Драгічына і павёў наступленне ў агульным напрамку да Ваўкавыска і Слоніма. Пры гэтым 7-ы корпус быў высунуты ў напрамку горада Кляшчэля для прыкрыцця ад войск Остэн-Сакена ў раёне Брэста. Остэн-Сакен неадкладна таксама перайшоў у наступленне і пасля авангардных баёў 3 лістапада каля Высока-Літоўска, 8 лістапада каля Рудні, 13 лістапада каля Гарнастаевіч Рэнье адвёў 7-ы корпус і заняў пазіцыі на вышыні каля Ваўкавыска, на поўнач ад горада, паставіўшы каля в.Альшымава 30 гармат. У гэты час Шварцэнберг, пакінуўшы Ваўкавыск, рухаўся да Слоніма. Рэнье таксама ўжо хацеў адступіць ад горада, але, даведаўшыся, што да яго на дапамогу ідзе дывізія генерала Дзюрута, вырашыў застацца на занятых пазіцыях. Остэн-Сакен, падышоўшы да горада, таксама заняў зручную пазіцыю на адной з вышынь, па якой праходзіла дарога на Слонім. Такім чынам, агульная колькасць рускіх і французскіх войскаў, сканцэнтраваных каля Ваўкавыска, складала каля 50000 чалавек і 70 гармат. Яўрэі, жыхары Ваўкавыска, паведамілі Остэн-Сакену аб тым, што камандаванне і штаб 7-га корпуса размешчаны ў горадзе без належных сіл абароны. 9 генералаў размясціліся на ноч у горадзе. Остэн-Сакен вырашыў неадкладна атакаваць.
2 (14) лістапада ў 9 гадзін вечара корпусу генерала Остэн-Сакена быў адданы загад, сутнасць якога зводзілася да наступнага: Тры атрады пад камандаваннем Дурнава, Шэншына і Белакапытава, кожны ў складзе 3 батальёнаў з сотняй конніцы, павінны былі ўварвацца ў горад з фронта і флангаў. Палкоўніку Белакапытаву загадана было з адным батальёнам 39-га егерскага палка, абмінуўшы горад з правага боку ісці адразу у хатер дзе знаходзіўся генерал Рэнье. Наступленне было прызначана на 10 гадзін вечара. Егеры, дзякуючы завеі, наблізіліся да заставы. Але іх заўважылі вартавыя, якія і адкрылі стральбу. Гэта папярэдзіла Рэнье. Ён выскачыў у акно і паспеў знікнуць. Пры гэтым быў забіты яго ад’ютант і паранены генерал Дзюрун. Былі захоплены ўсе экіпажы корпуснага штаба і ўся паходная канцылярыя Рэнье. Вяцкі пяхотны полк пад камандаваннем Васільчыкава захапіў саксонскі палкавы сцяг. У горадзе пачалося замяшанне, узнік шэраг пажараў. Раніцай 3 (15) лістапада саксонцы былі выбіты з горада і занялі ранейшыя пазіцыі на паўночных вышынях, адкуль адкрылі па гораду моцны артылерыйскі агонь і зрабілі шэраг беспаспяховых атак. Остэн-Сакен, са свайго боку, арганізаваў атаку ў флангі саксонцам, пасля чаго абодва бакі да вечара захавалі ранейшае становішча. 4 (16) лістапада ў 10 гадзін раніцы ў горадзе распачалася ружэйная і артылерыйская перастрэлка. Шварцэнберг, даведаўшыся пра бой, спыніў свой корпус каля Слоніма і накіраваў у тыл Сакену кавалерыйскі атрад Ф.Фрэльха (каля 3 тыс. чалавек). Пад поўдзень 4 (16) лістапада, калі Остэн-Сакен спрабаваў ажыццявіць ахоп левага фланга Рэнье, Фрэліх уварваўся ў Ізабелін, дзе знаходзіліся галоўная кватэра рускіх войск, абозы і лазарэты з параненымі. Остэн-Сакен неадкладна пачаў адвод сваіх часцей ад Ваўкавыска на Гнезна і Свіслач. Спроба Рэнье затрымаць рускіх на рубяжы р.Рось не мела поспеху. Даныя прастраты абодвух бакоў вельмі супярэчлівыя: найбольш верагодна, што загінула каля 2-3 тыс. чалавек з кожнага боку, прычым значную частку страт рускіх склалі палонныя. Вынікі бою ацэньваюцца неадназначна. Рускія хутка страцілі ініцыятыву, былі вымушаны адступіць і зноў пакінуць Брэст і ўсё Падляшша. Але фактычна Остэн-Сакен прынёс сваё войска ў ахвяру аператыўнай ідэі рускага камандавання – забеспячэнню свабоднага руху галоўных сіл у глыб Беларусі, на Мінск і Барысаў. Гэта мэта была дасягнута: Шварцэнберг адмовіўся ад праследавання рускіх і застаўся дзейнічаць на паўднёвым стратэгічным флангу. У выніку руская армія атрымала магчымасць актыўна ўдзельнічаць ў Бярэзінскай аперацыі 1812.
Горад Ваўкавыск у Айчынную вайну 1812 года пацярпеў ад пажараў. Не было дзе размясціць дзяржаўныя ўстановы, таму ўвесь кіраўнічы аппарат быў пераведзены ў м.Ізабелін. Да вайны ў Ваўкавыску налічваліся 154 жылыя дамы і 398 чалавек мужчынскага насельніцтва. Страты, панесеныя горадам, па афіцыйных даных вылічваліся у суме 209753 рублі, па Ваўкавыскаму павету 1 мільён рублёў. Загінула вялікая колькасць сялян. З прычыны эпідэмій, захворванняў і асабліва ад так званай “гнілой гарачкі”, ад голаду, спад насельніцтва працягваўся некаторы час і пасля вайны. У Ваўкавыскім павеце не засталося ні аднаго каня. Шмат жывелы загінула ў час масавага паморку, які працягваўся яшчэ шэраг гадоў пасля вайны. Колькасць прыгонных сялян зменьшылася ў параўнанні з даваеннымі гадамі амаль ў два разы.
Ваш отзыв