Як вядома, у ХІІ ст. у Панямонні, склалася свая гродзенская архітэктурная школа. Яе характэрнай рысай была вялікая колькасць сваеасаблівых тэхнічных прыёмаў. Адным з помнікаў гэтай школы з’яўляецца храм на ваўкавыскім Замчышчы. Фундамент храма быў адкрыты ў 1956 г. У 1959 г. П.А.Рапапорт, вывучыўшы фундаменты ваўкавыскай царквы адзначыў яе назвычайную блізкасць да Ніжняй царквы ў Гродне. Гэтая блізкасць адзначаецца ў асаблівасцях планавай схемы: і Ніжняя царква ў Гродне, і ваўкавыская маюць з усходняга боку не тры, а толькі адну апсіду; і гродзенская, і ваўкавыская царква маюць асіметрычную кампазіцыю – падкупальны квадрат у іх ссунуты крыху на захад.
Характар дэкору ваўкавыскай і гродзенскай цэркваў таксама супадае. Знойдзеныя на Замчышчы вялікія камяні з адшліфаванымі бакамі павінны былі стаць элементамі ўбранства пабудовы. П.А.Рапапорт адзначае таксама, што і гродзенская, і ваўкавыская цэрквы арыентаваны па старанах свету, што для праваслаўных рускіх храмаў з’ява даволі рэдкая. Сценная цэгла таксама па памерах аднолькавая з гродзенскай, і на цэгле ёсць рэльефныя адбіткі.
Усё гэта дало магчымасць П.А.Рапапорту сцвярджаць, што ваўкавыская царква была закладзена ў першай палове або ў сярэдзіне ХІІ ст.
Што адрознівала ваўкавыскую царкву ад гродзенскай, дык гэта большыя памеры і іншыя прапорцыі плана: памеры царквы прыкладна 16 х 20 м, у паўднёва-заходнім рагу царквы была вежа.
Дадаткова ваўкавыскі храм вывучаў у 1966 г. М.К.Каргер. Ён ажыццявіў раскопкі па знешнім і унутраным перыметры пабудовы. Ваўкавыскі храм не быў пабудаваны, быў закладзены толькі фундамент. Фундамент глыбінёй ад 1 м і больш запоўнены камянямі, уложанымі без бетону. Назіраюцца некаторыя асаблівасці ў памерах падмурка сцен храма: шырыня яго паўночнай і усходняй сцен роўная 1,5 м, а заходняй і паўднёвай – да 1,8 – 1,9 м. Цікава тое, што паралельна падмуркам паўночнай і паўднёвай сцен закладзены больш вузкія палоскі, што, па меркаванні Каргера, было выклікана нейкай неабходнасцю канструкцыйнай папраўкі.
Як і ўвесь храм, фундаменты слупоў царквы захаваліся неаднолькава. Калі ўсходняя пара слупоў, якая ўяўляе сабой заходнюю частку фундамента паўкружжа апсіды, добра захавала сваю форму крыжа, то з 4 падкупальных слупоў гэтую форму захаваў толькі фундамент паўночна-усходняга слупа. Горш захавалася аснова паўднёва-усходняга слупа і зусім дрэнна – заходняя пара слупоў. М.К.Каргер не адмаўляе магчымасці збліжэння плана ваўкавыскага храма і гродзенскага, аднак лічыць, што аб прыналежнасці ваўкавыскага храма да гродзенскай архітэктурнай школы сведчыць не столькі план, колькі характэрныя асаблівасці будаўнічай тэхнікі.
Адной з характэрных рысаў будаўніцтва гродзенскай школы з’яўляюцца ўпрыгожванні фасадаў пабудоў рознакаляровамі камянямі-устаўкамі і маёлікавымі пліткамі. Пад час раскопак у Ваўкавыску знойдзена больш 30 узораў такіх камянёў. Колеры самыя розныя, памеры камянёў: даўжыня – ад 0,35 да 0,95 м, шырыня – ад 0,2 да 0,9 м, таўшчыня – ад 0,15 да 0,6 м. У 1958 г. знодзены камень цёмна-шэрага колеру, які вылучаецца спосабам апрацоўкі і памерамі (1,2 х 0,75 х 0,45 м). У адрозненні ад іншых камянёў, маючых адпаліраваны толькі па адным баку, пярэдні або верхні бок гэтага каменя быў адшліфаваны на 3 грам.
Каля падмурка царквы Я.Г.Звяругам, П.А.Рапапортам было знойдзена даволі шмат плінфаў, складзеных радамі ў парадку, часцей на кант. Зроблены яны з мясцовай сыравіны, якая была знойдзена ля падножжа Шведскай гары і Замчышча. Большасць плінфы высокай якасці, мае добры абпал і роўны чырвоны колер. Аднак ёсць шэраг плінфаў з пэўнымі недахопамі, трапляюцца з няроўным абпалам, з шэравата-фіялетавай сярэдзінай, і плінфы “муаравай” структуры з жоўта-чырвонымі або жоўта-зялёна-чорнымі слаямі гліны. Знойдзеная на ваўкавыскім Замчышчы плінфа прадстаўлена некалькімі тыпамі:
Пераважае плінфа сярэдніх памераў: 27,5 – 28,5 х 16,5 х 4,0 – 4,5 см. Такой плінфы найбольш. Па сваіх памерах ваўкавыская прамавугольная плінфа характэрна для ХІІ ст. і вельмі блізкая да плінфы Каложскай царквы ў Гродне.
Памеры трапецыяпадобнай плінфы з раскопак наступныя: даўжыня ў аснове – 27,0 – 30,0 см і 14,2 – 17,0 см, шырыня – 15,5 – 17,8 см, таўшчыня – 4,0 – 4,5 см. Такая плінфа знойдзена пры раскопках Ніжняй царквы і Каложы ў Гродне.
Плінфа ваўкавыскага храма з закругленым вуглом мае наступныя памеры: даўжыня – 26,5 – 29,0, шырыня – 14,5 – 16,5 см, таўшчыня – 4,0 – 4,8 см.
На многіх ваўкавыскіх плінфах ёсць рэльефныя адзнакі. Яны выпуклыя і размешчаны на тарцы. Сярод 108 знакаў Я.Г.Звяруга вызначае наступныя групы:
Аднак усё ж большасць ваўкавыскай плінфы знакаў не мае. На некаторых плінфах ваўкавыскага храма ёсць графіці. Ёсць плінфы з прамымі лініямі, праведзенымі па дыяганалі з перасякаючымі іх гарызантальнымі і вертыкальнымі лініямі. На некаторых плінфах адлюстраваны канцэнтрычныя паўакружнасці, падзеленыя дзвюма хордамі.
Акрамя вялікай колькасці пліны і дэкаратыўных камянёў на Замчышчы ў Ваўкавыску знойдзены запасы вапны (20 – 25 м на паўночны захад ад фундамента храма). Плошча запасаў складае 30 кв.м, а таўшчыня 1 м.
Як бачым, зямля Ваўкавыская не адкрыла яшчэ да канца ўсіх сваіх таямніц, якія яна захоўвала на працягу папярэдніх стагоддзяў. Таму тэма ваўкавыскіх знаходак, напэўна, яшчэ не раз будзе вывучацца археолагамі Беларусі.
Сяргей Грэсь
Ваш отзыв