• Фото 17

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 16

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 15

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 14

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 13

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 12

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 11

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • Фото 10

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Альбом 3

  • З ГЛЫБІНІ ТЫСЯЧАГОДДЗЯЎ

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Исторические заметки о Волковысске

    Пе

    ршапачатковае засяленне тэрыторыі Заходняй Беларусі адбывалася ўздоўж берагоў Нёмана і Прыпяця ў самым канцы ледавіковай эпохі каля 40-30 тыс. да н.э. Рухаючыся за міграцыямі паўночных аленяў, тагачасныя людзі лёгка пераадольвалі слаба заселяныя водападзелы і траплялі на меншыя рэкі, такія як Рось. Менавіта  р. Рось з’яўляецца галоўным стрыжням вакол якога фарміравалася і засвойвалася чалавекам тэрыторыя сучаснага Ваўкавыскага раёна.

    Мяркуючы па знойдзеных матэрыялах Сярэдняе Пароссе было заселяна яшчэ ў фінальнапалеалітычны час (12-10 тыс. да н.э.). Першымі насельнікамі Ваўкавышчыны былі носьбіты лінгбійскай і арэнсбургскай культур, якія прывандравалі сюды з Павіслення. У наваколлі пас. Краснасельскі вядома не манш трох помнікаў гэтых культур. Ужо першыя насельнікі тутэйшых мясцінаў звярнулі ўвагу на вялізарныя запасы крамянёвай сыравіны. Аб гэтым сведчаць знаходкі побач з крамянёвымі вырабамі (наканечнікамі стрэлаў, скрабкоў, разцоў) шматлікіх адходаў крэмнеапрацоўкі – нуклеўсы і расшчэпленыя камяні.

    Каля 8 тыс. да н.э. на Панямонні распачынаецца сярэдні каменны перыяд – мезаліт., які працягваўся да канца 5 тыс. да н.э. У гэтую эпоху значна змяняюцца фізіка-геаграфічныя ўмовы пражывання чалавека. Паступова цяплея клімат, а пры канцы мезаліту робіцца вельмі спрыяльным, параўнальны да сёняшняга. Жывёльны і раслінны свет набываюць сучасны выгляд. Ваўкавышчына пакрываецца лясамі з перавагай шырокалістых дрэў. У зарасніках жыла лясная дзічына – ласі, алені, туры, зубры, дзікі. Багаты быў птушыны свет, а ў рэках – рыбны.

    Услед за першапраходцамі-арэнсбургцамі ў Панямонне трапляюць плямёны свідэрскай культуры. Яны з’яўляюцца тут дамінуючым элементам праз увесь фінальны палелаліт, а іх нашчадкі займалі гэтую тэрыторыю ў ранні перыяд наступнай мезалітычнай эпохі. Непасрэдна на Ваўкавышчыне носьбіты свідэрскай культуры прадстаўлены невыразна, аднак на суседніх тэрыторыях басейнаў Нёмана, Шчары і Ясельды вядомы паселішчы са шматлікім крамянёвым інвентаром.

    У сярэднім мезаліце левабярэжжа Панёмання займае насельніцтва яніславіцкай культуры (названае па характэрнаму пахаванню каля в. Яніславіцы ў Польшчы). з характэрным каменным інвентаром. Вырабы з крамяню былі ўжо больш дасканалыя і разнастайныя ў параўнанні з папярэднікамі. Насельніцтва карысталася не толькі звыклымі тыпамі прыладаў, але былі шырока распаўсюджаныя і новыя, у першую чаргу  састаўныя нажы, кінжалы і наканечнікі дзідаў. Бралася аснова з косткаў ў ёй рабіліся пазы, у якія замацоўваліся лёзы, скоадзеныя з завостранных рэтушшу дробных крамянёў геаметрычнай формы. Выкарыстоўваліся два тыпы наканечнікаў стрэлаў: лёгкія, прызначаныя на паляванне птушак і з большай забойнай сілай у выглядзе ланцэтападобных вастрыёў. Ужываліся ўжо і крамнёвыя сякеры, неабходная прылада ў жыцці пры лесе.

    Стаянка мезалітычнага перыяду на Ваўкавышчыне выяўлена каля в.Лічыцы. Помнік размешчаны на краі правабярэжнай тэрасы Росі, насупроць старыцы, узвышаецца над поплавам на 2 м. Сабраная пад час раскопак калекцыя крамянёвых прадметаў з Лічыцкай стаянкі складаецца са скрабкоў (27 экз.), ланцэтападобных вастрыёў (8 экз.), трапецый (4 экз.), разцоў (4 экз.), скобляў (5 экз.), нажоў (40 экз.), сякераў (8 экз.)   і шматлікіх загатовак (мікраразцы і нуклеуся).

    З пачатку 4 тыс. да н.э. насельнітцва Ваўкавышчыны ўступае ў наступную гістарычную эпоху – неаліт, альбо новы каменны век. У гэты час адбываюцца значныя зменны ў гаспадарцы і занятках, штодзённым жыцці і светапоглядзе жыхароў Беларускага Панямоння. Пераход ад мезалітычнай эпохі да неалітычнай прыпаў на кліматычны оптымум (6 тыс. год таму назад), найбольш спрыяльны развіццю расліннасці і жывёльнага свету. Напачатку неалітычнае наельнітцва  актывізуе заняткі паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. У позненеалітычны час з’яўляюцца першыя  сляды земляробчай дзейнасці і жывелагадоўлі. Навацыі ў гаспадарцы вялі і да зменаў у матэрыяльнай культуры. Тагачаснае насельнітцва дасягае высокага ўзроўню ў апрацоўцы крэменю. З’яўляюцца падшліфаваныя каменныя сякеры, для высячкі лясоў і хмызнякоў, цяслы, якімі высякалі чоўны і іншае драўлянае начынне. Выраблялі вострыя нажы і серпападобныя прылады для жніва, разнастайныя праколькі, скраблкі і скоблі. Земляробства і жывёлагадоўля вялі да назапашвання багаццяў у вяглядзе прадуктаў, што ў сваю чаргу ўскладняла сацыяльныя адносіны. Адным са сведчанняў гэтага можна лічыць шырокае распаўсюджванне ў познім неаліце трохкутных крамянёвых наканечнікаў стрэлаў, якія становяцца асноўнай зброяй падчас вайны. Усё гэта патрабавала большай колькасці і больш якаснага крамянёвага матэрыялу, што прывяло да ўзнікнення новай з’явы як крэмнездабыўнага шахцёрства. І радзімай беларускага шахцёрства неабходна лічыць Ваўкавышчыну. Неалітычнае насельнітцва Ваўкавышчыны навучылася ляпіць керамічны посуд (гліняныя пасудзіны) для прыгатавання ежы на вогнішчах і больш доўгатэрміновага яе захоўвання. На стаянках можна знайсці фрагменты вострадонных гаршкоў з арнаментам, злепленных рукамі.

    Неаліт Ваўкавыскага края прадстаўлены помнікамі нёманскай культуры. Праўда колькасць насельніцтва  як і ў папярэднія часы была нешматлікай. Прынамсі пакуль што не знойдзены стаянкі з выразнымі культурнымі напластаваннямі і прадстаўнічымі калекцыямі крамнёвых вырабаў і керамікі. Сляды нёманскай культуры выяўлены на стаянках Гледнявічы І і ІІ, а таксама на стаянках Краснасельскі 4, 5, 7. У познім неаліце (другая палова 3 тыс. да н.э.) на Сярэдняе Пароссе пранікаюць носьбіты культуры шарападобных амфар, якія з’яўляюцца мігрантамі з тэрыторыі сучаснага Падляшша ў Польшчы. Знаходжанне шаравікоў тут было даўгачасовым. Пра гэта сведчыць могільнік на лінзе 2 каля Краснасельскага. Фрагменты керамікі культуры сустракаюцца і на суседніх стаянках. Носьбіты мясцовай, нёманскай культуры мабыць, вымушаны былі пацясніцца і ўступіць частку “жыццёвай прасторы” мабільным цэнтральнаеўрапейскім находнікам. У выніку ўзаемных кантактаў адбыліся значныя змены ў этнакультуры насельніцтва левабярэжжа Беларускага Панёмання.

    Трапіўшы на тэрыторыю Заходняй Беларусі, шарападобнікі прынеслі з сабой ўменне здабываць крэмень шахтавым спосабам, што да гэтага было невядома старажытнаму неалітычнаму насельніцтву. Характэрна, што ў мясцовасцях куды не дасягнулі носьбіты культуры шарападобных амфар не выяўлены горныя выпрацоўкі. Менавіта, са з’яўленнем на Росі шарападобнікаў трэба звязваць пачатак распрацоўкі мясцовых крэмняносных радовішчаў шахтавым спосабам. Дзякуючы гэтаму ў ваколіцах сучаснага пасёлку Краснасельскі ў познім неаліце і бронзавым часе сфарміраваўся ўнікальны археалагічны комплекс. Ён складецца з крэмнездабыўных шахтаў, крэмнеапрацоўчых майстэрняў, каля 10 стаянак, магільнікаў.

    Крэмнездабыўныя шахты выяўлены ў сярэднім цячэнні Росі ў ваколіцах населяных пунктаў Рось, Краснасельскі, Карпаўцы. У тоўшчах марэнных ледавіковых адкладаў заляган шмат крэйдавых адорвенняў. Шахтавыя выпрацоўкі пераважна размяшчаліся ў месцах канцэнтрацыі крамянёвых запасаў, дзе яны залягалі на невялікіх глыбінях. Так на адной крэйдавай лінзе каля Краснасельскага яны згрувашчваліся вялікімі групамі не менш як па 100 выпрацовак у кожнай. У месцах гарызантальнага залягання крэменю шахты маюць выгляд калодзежаў дыяметрам каля 1,5 м і глыбінёй у сярэднім 2-3 м. Часам шахтавыя калодзежы былі шчылінападобныя, выцягнутыя, размяшчаліся падпаралельнымі ланцужкамі, спалучаліся штрэкамі.

    Крэмнездабытчыкі паглыблялі шахтавы калодзеж да крэмненоснага пласта. Затым пачынаўся выбар канкрэцый па ходзе пласта шляхам распрацоўкі пароды ў бакі падбоямі даўжынёй каля 1 м. Паміж падбоямі скляпеністай формы заставаліся выступы цалікі, якія ахоўвалі выпрацоўкі ад абвалаў. Ведаючы размяшчэнне крамянёвых праслояў, старажытны шахцёр нярэдка паглыбляўся і да наступнага гарызонту сыравіны, дзе выпрацоўваўся ніжэйшы ярус падбояў-ніш. Для пошука ніжэйшых пластоў крэмяню выкопваліся вузкія калодзежы на дне выпрацовак. Побач са скапленнямі шахтаў, на іх перыферыі, калі запасы сыравіны выкліньваліся альбо змяншаліся, рабіліся пошукавыя шахты. Сценкі выпрацовак, асабліва ў нізе ствалоў, у падбоях і штрэках, іх скляпенні маюць мноства драпін і баразёнак, якія засталіся ад востраканечных капальных прылад, з дапамогай якіх старажытныя шахцёры здабывалі сыравіну. Нізы шахтавых калодзежаў прыкметна затаптаныя нагамі. Таксама і вузкія месцы шахтаў, вусці падбояў і штрэкаў загладжаныя вопраткай капальнікаў. Часам на сценах маюцца сляды закуранасці. У шахты пранікалі з дапамогай сукаватых ствалоў дрэў.

    Пад час археалагічных даследаванняў у шахтах і побач з імі знойдзена даволі шмат капальных шахцёрскіх інструментаў. Найбольш распаўсюджанымі былі кіркападобныя прылады, якія атрымліваліся пры расчляненні аленевых рагоў, калі рукаяткай служыў фрагмент ствала рага, а рабочай кіркавай часткай быў адростак, звычайна наўскос завостраны на канцы. Іншы тып кірак атрымліваўся з самай кроны рога. У ёй адсякаліся лішнія адросткі і пакідалі два буйнейшыя, якія завастраліся наўскос і служылі ўзаемазаменна рукаяткай альбо рабочым лязом. У вузкіх ўчастках выпрацовак, дзе было цесна ўжываліся інструменты колючага характару – капачы. Яны ўбіваліся ў пароду колючым рухам рукі альбо заганяліся ударнымі спецыяльнымі прыстасаваннямі.

    Самая першапачатковая апрацоўка крамянёвай сыравіны адбывалася ўжо ў шахце. Каб не выцягваць наверх лішні цяжар, з вялікіх жаўлакоў адбіваліся непатрэбныя выступы. Выцягнутая з шахтаў крамянёвая сыравіна трапляла ў крэмнеапрацоўчыя майстэрні. Яны размяшчаліся побач з вусцямі шахтаў, у паўзасыпаных выпрацовак, каля вялікіх камянёў. У такіх мясцінах зараз залягаюць суцэльныя пласты адшчэпаў і абломкаў крэменю, а таксама мноства незакончаных і кінутых сапсаваных нарыхтовак сякер. Зрэдка сустракаюцца больш-менш гатовыя сякеры, а таксама іншыя крамянёвыя вырабы – нажы, скрабкі, адбойнікі і нуклеусы. Наяўнасць некалькіх соцен нарыхтовак сякер самай розанй ступені гатоўнасці, стандартнасць іх памераў і формы яскрава сведчаць пра тое, што на базе Краснасельскіх шахтаў працавалі спецыялізаваныя майстэрні па вырабу менавіта сякер, вельмі неабходных пры інтэнсіўным развяцці земляробства. У далейшым сякеры і іх нарыхтоўкі шляхам абмену распаўсюджваліся па суседніх раёнах Панямоння і далей.

    На лінзе 2 на паўднёвы захад ад Краснасельскага найбольш інтэнсіўна крэмнездабыча разгарнулася ў бронзавым часе. Да раннебронзавага часу адносіцца пахаванне шахцёра ў выпрацоўцы на цэнтральным участку лінзы 2, выяўленае летам 1962 г. пад час распрацоўкі крэйды. Касцяк знаходзіўся на дне шахты ў невялікім пашырэнні вертыкальнага калодзежа на глыбіні прыкладна 3-5 м. Ён ляжаў паўсагнуты на правым баку, арыентаваны галавой на поўдзень. Разам з нябожчыкам ляжала касцяная іголка для сжывання скураў, каля ног з заходняга боку стаяў гаршчок. Гаршчок быў ляпны, шэры, унізе трохі закураны, мае плоскае дно, плаўна выступаючае брушка і звужаную шэйку. Падобны посуд з’яўляецца на мяжы 3-2 тыс. да н.э., гэтым часам магчыма і датаваць пахаванне. Антрапалагічнае вывучэнне касцяка з шахтавага пахавання паказала, што нябожчык памёр ва ўзросце 35-40 гадоў і меў даволі аскетычнае аблічча. Жыхар з берагоў Росі меў сярэднія падоўжаны і высотны памеры чэрапа і малы папярэчны памер. Твар быў сярэднешырокі і сярэдневысокі, злёгку сплошчаны ў верхняй частцы пры значным выступанні насавых костак. Пры гэтым нос быў сярэднешырокі, арбіты вачніц вузкія. Прыкметна, што сківіца крыху выступала з прыкусам. Гэта надавала мужчыне сваеасаблівы выраз твару.

    Культуру шнуравой керамікі ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. змяніла тшцінецкая культура. Яе носьбіты, якія актыўна займаліся земляробствам, пранікалі на тэрыторыю Ваўкавыскага раёна з поўдня, з басейна Прыпяці. Характэрныя фрагменты тшцінецкіх пасудзінаў  з патоўшчаным і скошаным вонкі брыжом спарадычна сустракаюцца на шэрагу першабытных паселішчаў Паросся – Лічыцы, Красельск 4, 5, 7. Аднак археалагічны матэрыял дазваляе сцвярджаць, што тут працягвалі існаваць і нейкія групы аўтахтоннага насельнітцва. У канцы бронзавага часу ў басейне ракі жыхары пачынаюць карыстацца пласкадонным посудам з заштрыхаванымі паверхнямі.

    З другой чвэрці І тыс. да н.э., з пачатку жалезнага веку, крэмень на Беларусі паступова быў выцяснуты жалезам. У гэты час спынілася горназдабыўная справа на Сярэднім Пароссі.

     

  • КАМЕННЫ ХРАМ

    11 мая 2014 // Ваш отзыв

    Рубрика: Исторические заметки о Волковысске

    Як вядома, у ХІІ ст. у Панямонні, склалася свая гродзенская архітэктурная школа. Яе характэрнай рысай была вялікая колькасць сваеасаблівых тэхнічных прыёмаў. Адным з помнікаў гэтай школы з’яўляецца храм на ваўкавыскім Замчышчы. Фундамент храма быў адкрыты ў 1956 г. У 1959 г. П.А.Рапапорт, вывучыўшы фундаменты ваўкавыскай царквы адзначыў яе назвычайную блізкасць да Ніжняй царквы ў Гродне. Гэтая блізкасць адзначаецца ў асаблівасцях планавай схемы: і Ніжняя царква ў Гродне, і ваўкавыская маюць з усходняга боку не тры, а толькі адну апсіду; і гродзенская, і ваўкавыская царква маюць асіметрычную кампазіцыю – падкупальны квадрат у іх ссунуты крыху на захад.

    Характар дэкору ваўкавыскай і гродзенскай цэркваў таксама супадае. Знойдзеныя на Замчышчы вялікія камяні з адшліфаванымі бакамі павінны былі стаць элементамі ўбранства пабудовы. П.А.Рапапорт адзначае таксама, што і гродзенская, і ваўкавыская цэрквы арыентаваны па старанах свету, што для праваслаўных рускіх храмаў з’ява даволі рэдкая. Сценная цэгла таксама па памерах аднолькавая з гродзенскай, і на цэгле ёсць рэльефныя адбіткі.

    Усё гэта дало магчымасць П.А.Рапапорту сцвярджаць, што ваўкавыская царква была закладзена ў першай палове або ў сярэдзіне ХІІ ст.

    Што адрознівала ваўкавыскую царкву ад гродзенскай, дык гэта большыя памеры і іншыя прапорцыі плана: памеры царквы прыкладна 16 х 20 м, у паўднёва-заходнім рагу царквы была вежа.

    Дадаткова ваўкавыскі храм вывучаў у 1966 г. М.К.Каргер. Ён ажыццявіў раскопкі па знешнім і унутраным перыметры пабудовы. Ваўкавыскі храм не быў пабудаваны, быў закладзены толькі фундамент. Фундамент глыбінёй ад 1 м і больш запоўнены камянямі, уложанымі без бетону. Назіраюцца некаторыя асаблівасці ў памерах падмурка сцен храма: шырыня яго паўночнай і усходняй сцен роўная 1,5 м, а заходняй і паўднёвай – да 1,8 – 1,9 м. Цікава тое, што паралельна падмуркам паўночнай і паўднёвай сцен закладзены больш вузкія палоскі, што, па меркаванні Каргера, было выклікана нейкай неабходнасцю канструкцыйнай папраўкі.

    Як і ўвесь храм, фундаменты слупоў царквы захаваліся неаднолькава. Калі ўсходняя пара слупоў, якая ўяўляе сабой заходнюю частку фундамента паўкружжа апсіды, добра захавала сваю форму крыжа, то з 4 падкупальных слупоў гэтую форму захаваў толькі фундамент паўночна-усходняга слупа. Горш захавалася аснова паўднёва-усходняга слупа і зусім дрэнна – заходняя пара слупоў. М.К.Каргер не адмаўляе магчымасці збліжэння плана ваўкавыскага храма і гродзенскага, аднак лічыць, што аб прыналежнасці ваўкавыскага храма да гродзенскай архітэктурнай школы сведчыць не столькі план, колькі характэрныя асаблівасці будаўнічай тэхнікі.

    Адной з характэрных рысаў будаўніцтва гродзенскай школы з’яўляюцца ўпрыгожванні фасадаў пабудоў рознакаляровамі камянямі-устаўкамі і маёлікавымі пліткамі. Пад час раскопак у Ваўкавыску знойдзена больш 30 узораў такіх камянёў. Колеры самыя розныя, памеры камянёў: даўжыня – ад 0,35 да 0,95 м, шырыня – ад 0,2 да 0,9 м, таўшчыня – ад 0,15 да 0,6 м. У 1958 г. знодзены камень цёмна-шэрага колеру, які вылучаецца спосабам апрацоўкі і памерамі (1,2 х 0,75 х 0,45 м). У адрозненні ад іншых камянёў, маючых адпаліраваны толькі па адным баку, пярэдні або верхні бок гэтага каменя быў адшліфаваны на 3 грам.

    Каля падмурка царквы Я.Г.Звяругам, П.А.Рапапортам было знойдзена даволі шмат плінфаў, складзеных радамі ў парадку, часцей на кант. Зроблены яны з мясцовай сыравіны, якая была знойдзена ля падножжа Шведскай гары і Замчышча. Большасць плінфы высокай якасці, мае добры абпал і роўны чырвоны колер. Аднак ёсць шэраг плінфаў з пэўнымі недахопамі, трапляюцца з няроўным абпалам, з шэравата-фіялетавай сярэдзінай, і плінфы “муаравай” структуры з жоўта-чырвонымі або жоўта-зялёна-чорнымі слаямі гліны. Знойдзеная на ваўкавыскім Замчышчы плінфа прадстаўлена некалькімі тыпамі:

    1. Звычайная для кладкі сцен.
    2. Лякальная і фасонная са скошанымі кароткімі бакамі, з скругленымі вугламі, з паўкруглым кароткім бокам.

    Пераважае плінфа сярэдніх памераў: 27,5 – 28,5 х 16,5 х 4,0 – 4,5 см. Такой плінфы найбольш. Па сваіх памерах ваўкавыская прамавугольная плінфа характэрна для ХІІ ст. і вельмі блізкая да плінфы Каложскай царквы ў Гродне.

    Памеры трапецыяпадобнай плінфы з раскопак наступныя: даўжыня ў аснове – 27,0 – 30,0 см і 14,2 – 17,0 см, шырыня – 15,5 – 17,8 см, таўшчыня – 4,0 – 4,5 см. Такая плінфа знойдзена пры раскопках Ніжняй царквы і Каложы ў Гродне.

    Плінфа ваўкавыскага храма з закругленым вуглом мае наступныя памеры: даўжыня – 26,5 – 29,0, шырыня – 14,5 – 16,5 см, таўшчыня – 4,0 – 4,8 см.

    На многіх ваўкавыскіх плінфах ёсць рэльефныя адзнакі. Яны выпуклыя і размешчаны на тарцы. Сярод 108 знакаў Я.Г.Звяруга вызначае наступныя групы:

    1. Адзнакі ў выглядзе крыжа з пашыранымі канцамі:
    2. У выглядзе касога крыжа або літары “Х”;
    3. У выглядзе двузубца і трохзубца;
    4. У выглядзе зігзагаў і хвалістых ліній (літара “М”);
    5. Складаныя знакі: напоўны квадрат з закругленымі вугламі і дыяганаллю.

    Аднак усё ж большасць ваўкавыскай плінфы знакаў не мае. На некаторых плінфах ваўкавыскага храма ёсць графіці. Ёсць плінфы з прамымі лініямі, праведзенымі па дыяганалі з перасякаючымі іх гарызантальнымі і вертыкальнымі лініямі. На некаторых плінфах адлюстраваны канцэнтрычныя паўакружнасці, падзеленыя дзвюма хордамі.

    Акрамя вялікай колькасці пліны і дэкаратыўных камянёў на Замчышчы ў Ваўкавыску знойдзены запасы вапны (20 – 25 м на паўночны захад ад фундамента храма). Плошча запасаў складае 30 кв.м, а таўшчыня 1 м.

    Як бачым, зямля Ваўкавыская не адкрыла яшчэ да канца ўсіх сваіх таямніц, якія яна захоўвала на працягу папярэдніх стагоддзяў. Таму тэма ваўкавыскіх знаходак, напэўна, яшчэ не раз будзе вывучацца археолагамі Беларусі.

     

    Сяргей Грэсь